На память
Доминиканец-белорусский националист (?) - либертарианец-"оппозиционер" против католического фундаменталиста-литвина-"лоялиста".
Хм.
***
Апублікавана ў Arche (http://www.arche.by)
Дасканалы дуэт: КГБ і Алесь Белы
Пётра Рудкоўскі
27.12.2008 г.
Канцлагер у Калдычаве - цэнтральнае звяно ў антыбеларускай прапагандзе "гарлівалітвінаў"
Алесь Белы – гэта чалавек сапраўды ідэйны, аднак гэта той тып ідэйнага чалавека, які па-за сваёй ідэяй анічога больш не бачыць. З-за сваёй ідэі Белы не бачыць таксама таго, як вельмі ён аддаліўся ад каталіцызму, а наблізіўся да бальшавіцкага светаўспрымання, дзе пачэснае месца займае вобраз знешняга ворага, і дзе прапаведуецца непрымірымая барацьба паміж адной групай і другой.
Ты любіш Беларусь і жадаеш адраджэння беларускай культуры? Лічыш, што бальшавізм прынёс шмат шкоды гэтай культуры і пастулюеш развітанне з савецкай эпохай? Ты лічыш, што сталінізм быў гэтаксама бесчалавечны, што і гітлерызм? Крытычна ставішся да цяперашняга беларускага рэжыму? А можа, ты ў дадатак да ўсяго гэтага сімпатызуеш ліберальным ідэям і заходняй культуры? Не лічыш постмадэрнізм спараджэннем д'ябла і пастулюеш плюралізм у культуры і ў палітыцы?
Калі так, то ў цябе ёсць усе шанцы трапіць у спіс "нацыстаў-беларутэнаў". Гэты спіс знаходзіцца на стадыі стварэння, і некаторыя вядомыя культурныя дзеячы Беларусі (напр. Уладзімір Арлоў або Алякснандр Лукашук) туды ўжо трапілі. Пасля напісання гэтага артыкулу ў гэты спіс, пэўне, траплю і я, ну а ты, шаноўны чытач, павінен будзеш вырашыць, ці адрачыся раз і назаўсёды беларускага адраджэння як "таталітарна-паганскай ідэалогіі", ці таксама быць занесеным у спіс нацыстаў. А гэта вам не жарты: нацызм ва ўсім свеце пераследуецца па закону, а ў нашай краіне – удвая гарлівей...
Але хто складае гэты спіс, як яго зваць? А адгадайце з трох разоў. Можа, якісь прадстаўнік кансерватыўнага крыла Кампартыі Беларусі? Не. Тады пра-расейскі палітолаг Юрый Шаўцоў? Ну, ён сапраўды з маніякальнай настойлівасцю выкрывае "нацысцкую сутнасць" беларускага адраджэння, але складаць спісы ўсё ж не дадумаўся. То хто тады?
1
Укладальнікам спісу "нацыстаў-беларутэнаў" з'яўляецца гісторык і палітычны тэарэтык, ідэолаг "ліцвінства" Алесь Белы. Для прапагавання сваіх ідэяў – у тым ліку і "спісаў" – ён выкарыстоўвае найбольш тыповае спараджэнне ненавіснага яму мадэрну – Інтэрнэт. Ягоная актыўнасць ў Сеціве выклікае сапраўднае здумленне: можна яго спаткаць ледзь не на кожным беларускім форуме; свае ідэі ён распаўсюджвае таксама пры дапамозе электроннай почты і з бліскавічнай хуткасцю рэагуе (зазвычай даволі агрэсіўна) на каментары і рэплікі. Аднак прывілеяваным месцам прапагавання сваёй ідэалогіі ліцвінтсва з'яўляецца для Белага ягоны блог http://gorliwy-litwin.livejournal.com. Там мы і знаходзім яго палымяныя пропаведзі наконт дэманічнасці адраджэння і неабходнасці процістаяць "таталітарнай секце" яго прыхільнікаў.
Беларусы-адраджэнцы для Белага не з'яўляюцца нацыянальнасцю, гэта
проста агрэсiўна-дэструктыўная сацыяльна-псiхалагiчная група, накшталт тэрарыстычнай арганiзацыi або таталiтарнай паганскай секты.
Тыповы свядомы адраджэнец
"у абавязковым парадку ненавiдзiць Каталiцкi Касцёл i ўсе праявы лацiнскай цывiлiзацыi". Наагул, "свядомыя адраджэнцы і ідэйныя католікі – прынцыповыя ворагі, якіх немагчыма прымірыць".
Белы, які лічыць сябе веруючым католікам, свядома або несвядома прасоўвае антыкаталіцкую думку, а менавіта, што існуюць такія нацыянальныя групы, якія сутнасна не могуць быць каталіцкімі. Такой групай для яго з'яўляюцца беларускія адраджэнцы. Цалкам у духу ленінскага бальшавізму ён прапаведуе арганічную варожасць паміж сацыяльнымі групамі: "ідэйныя католікі" і "свядомыя адраджэнцы" функцыянуюць у дыскурсе Белага падобна "класавым ворагам" у дыскурсе бальшавікоў, маўляў, няма паміж гэтымі групамі аніякай магчымасці дыялогу або паяднання. Але пікам дэмагогіі Белага з'яўляецца заява, што "свядомы адраджэнец ў абавязковым парадку ненавідзіць Каталіцкі Касцёл". Тут ужо градус антыадраджэнскай пасіі настолькі высокі, што Гарлівы Ліцвін губляе якую-кольвечы сувязь з рэчаіснасцю. Згодна з гэтаю тэзай трэба было б сказаць, што Каталіцкі Касцёл ненавідзелі Пётра Просты, Казімер Сваяк альбо Язэп Германовіч (каталіцкія святары, якія працавалі на ніве адраджэння). Нянавісць да Касцёла трэба было б прыпісаць дзясяткам сённяшніх беларускіх святароў (уключаючы аўтара гэтых радкоў) і дзясяткам тысяч свецкіх вернікаў-каталікоў (уключаючы асяроддзе "Нашай Веры" і "Ave Maria"). А можа, Каталіцкі Касцёл ненавідзеў таксама Ян Павел ІІ, паколькі ён столькі разоў выражаў сімпатыю да беларускай культуры?...
Не інакш, як уплывам бальшавіцкай ідэалогіі, можна растлумачыць схільнасць Белага паслугоўвацца калектыўнымі этыкеткамі і петрыфікацыяй адмоўных эпітэтаў (агрэсiўна-дэструктыўная сацыяльна-псiхалагiчная група, накшталт тэрарыстычнай арганізацыі, накшталт таталітарнай паганскай секты), цалкам пазбаўленых якой-небудзь апісальнай функцыі, але ўжытых у такой супазіцыі, як быццам яны з'яўляюцца менавіта дэскрыпцыямі. Няма таксама шанцаў паставіць пад сумнеў гэту рыторыку, бо адразу ж з'яўляецца закід, што ты, маўляў, таксама знаходзішся пад "іх" уплывам. А знаходзішся, бо... твой нік паганскі, бо... любіш Карла Попера, бо... Каб абгрунтаваць твой "нацызм" (альбо "паганства", альбо "педалагуманізм") Гарлівы Літвін знойдзе падставу з той самай лёгкасцю, з якой НКУС знаходзіў падставу, каб даказаць, што ты – класавы вораг.
Вы спытаеце, а якая сувязь паміж Карлам Поперам і нацызмам? А хто сказаў, што тут павінна быць лагічная сувязь? Алесь Белы – не той чалавек, які будзе абмяжоўваць сваё мысленне логікай. Ён стаіць на-над логікай, а дакладней, ягоная дактрына выбудоўваецца водле адмысловай логікі, асноўны прынцып якой: хто не з намі, той супраць нас. Вось чаму можна абвінаваціць кагось у нацызме на той падставе, што хтосьці сімпатызуе ідэям адкрытага грамадства, а нянавісць да Каталіцкага Касцёла можна прыпісаць сотням тысячаў католікаў па той прычыне, што яны сімпатызуюць беларускаму адраджэнню. Нелагічна? Па-нашаму нелагічна, але па-ягонаму – вельмі лагічна.
2
Своеасаблівасць логікі Белага не зводзіцца да нечаканага адкрыцця ўзаемазалежнасці паміж нацызмам, адкрытым грамадствам, паганствам і "педалагуманізмам". Абвесціўшы беларускіх адраджэнцаў (яўнымі або замаскіраванымі) паганцамі-нацыстамі, ідэолаг ліцвінства выступае з заявай, што натуральным хаўруснікам ліцвінаў з'яўляецца... Аляксандр Лукашэнка.
Дзе б мы ні жылі – пафасна піша Алесь Белы - у РБ, РФ, або у Паднябесным Кiтаi, калi б ягоныя межы дацягнулiся так далёка, мы захоуваем лаяльнасць Ураду, i трымаемся вернасцi сваёй культуры.
І яшчэ:
Лiтвiны зацiкаўленыя у тым, каб Лукашэнка пратрымаўся як мага даўжэй. Таму мы зычым яму моцнага здароўя i палiтычнай iнтуiцыi. Ягоны эканамiчны генiй, канешне, будзе вельмi моцна выпрабоўвацца у наступным годзе (а можа i даўжэй), але мы, як шмат разоў ужо казалi, не за гэта найбольш яго паважаем, а рыхтык за ягоны паслядоўны (прынамсi дагэтуль) антынацызм.
І так, што супольнага паміж католікам-традыцыяналістам і "праваслаўным атэістам"? Што значыць у гэтым кантэксце "антынацызм"?
Нi ў якiм разе не хочам – кажа Белы ад імя ўсіх літвінаў – каб прыйшла звар'яцелая арда пад кiраўнiцтвам Вячоркi, Лябедзькi i Калякiна. (Некаторыя ж нават i на Зянон-рэп спадзяюцца, бр-рр).
Значыць, атэіст Лукашэнка значна лепшы для Белага, чым католік Пазьняк. Той, хто пры кожнай нагодзе падкрэслівае сваю ідэйную повязь з антыхрысціянскім бальшавізмам, выклікае ў Гарлівага Ліцвіна захапленне, а тыя, хто ў імя хрысціянскага адраджэння пастулююць развітанне з савецкім мінулым, выклікаюць у яго «бррр». Брррава, пане Гарлівы! – хочацца сказаць. Толькі навошта пасля ўсяго гэтага апранаць маску гарлівага католіка і апалагета хрысціянства?
Адказ на пытанне, што значыць у гэтым кантэксце «антынацызм», імпліцытна месціцца ў прыведзеных вышэй выказваннях Белага. Аднак, пасля зацытавання яшчэ аднаго яго выказвання, усё, думаю, будзе канчаткова зразумела:
Моцна жадаю, каб янкі разваліліся на працягу наступных 10-20 гадоў. У прыватнасці, лацінасы мусяць вярнуць сабе паўднёвы Захад (і ліквідаваць Hollyweird, as we know it). Увогуле, католікі відаць ужо зараз складаюць у штатах большасць, адно што гэтага не ўсведамляюць, і да таго ж лацінасам, ірландцам і італьянцам не так проста дамовіцца. Аднак тое, што імі кіруюць структуры, створаныя кальвіністамі – поўны абсурд, які абавязкова абрынецца.
Антыамерыканізм – вось што выклікае захапленне Белага ў Лукашэнкі. Гэта ён адкрыта сцвярджае ў сваім палымяным пасусе:
...надзвычай важна захаваць згуртаванасць нашага грамадства вакол ягонага лiдэра (...) Трэба болей абапiрацца на розныя сацыяльныя группы, этнаканфесiйныя супольнасцi i г.д., пры захаваннi пераемнасцi з ранейшай антынацысцкай i анты-амерыканскай палiтыкай.
Тое, што «лідэр» не хавае сваіх сімпатыяў да Гітлера, Гарлівага Ліцвіна зусім не бянтэжыць, роўна ж як і тое, што гэты «лідэр» з'яўляецца прадаўжальнікам бальшавіцкіх традыцый. «Антынацызм» зводзіцца тут у канчатковым плане да антыамерыканізму і антылібералізму, ваяўнічай кантэстацыі культуры плюралізму і талерантнасці. Такога тыпу «антынацызм» мог бы без асаблівых цяжкасцяў падтрымаць і сам Адольф Гітлер.
«Моцнае жаданне» Белага (каб Янкі як найхутчэй разваліліся) лішні раз выяўляе спецыфіку ягонага «каталіцызму». У ЗША жыве блізу 70 млн каталікоў, і ўсе яны вельмі любяць сваю Айчыну. У кожным касцёле вісіць амерыканскі сцяг, які сімвалізуе перманентную малітву вернікаў за сваю краіну. Ці задумваўся Алесь Белы над тым, што значаць ягоныя словы для гэтых 70 млн амерыканскіх католікаў? Жадаць развалу якой-небудзь краіны, дзе грамадска-палітычны лад грунтуецца на грамадскім кансэнсусе, сам па сабе з'яўляецца амаральным жаданнем, нават калі б і ўсе абывацелі гэтай краіны былі не-католікамі. Але калі ўжо Белы вырашыў з пагардай паставіцца да кальвіністаў, то мог бы хаця ўлічыць пачуцці сваіх братоў па веры – католікаў. А можа, ён не іх лічыць братамі па веры? Можа, амерыканскія католікі, якія штодзень моляцца за сваю Айчыну, не з'яўляюцца сапраўднымі католікамі? А можа, яны такія ж крыптанацысты, што і беларускія адраджэнцы?
Адказваю: нашым гламурным нацы (сьвядомым адраджэнцам) і амерыкосам. Гламурныя нацы знайшлі сваю нішу ў попераўскім Адкрытым Грамадстве, пагадзіўшыся не спрачацца з асноўнымі пастулатамі педагуманалібералаў. Узамен ім пакінулі дзялянку, на якой яны могуць фальсіфікаваць сваю "развесістую клюкву": Адраджэнска-Рыцарскае ВКЛ, БНР ад мора да мора, Тарашькэвыцу, Беларутэнізацыю паводле Кубэ, культ "Спрадвечных крывіцкіх багоў" і г.д.
Цяпер пераканаліся наконт «трыадзінства» нацызму, адкрытага грамадства і беларускага адраджэння?
3
Тут трэба пазначыць, што ліцвінства як грамадска-культурны рух з'яўляецца даволі дыферэнцыяванай і шматаблічннай з'явай, і ў цэлым явіцца як даволі цікавы і ў многім пазітыўны феномен. Рух распадаецца на шэраг міні-фракцыяў, адной з якіх з'яўляецца групоўка Алеся Белага, так бы мовіць, «гарліваліцвінаў».
У якім стасунку знаходзяцца гарліваліцвіны да іншых ліцвінаў? Гэты стасунак найлепш праілюструе наступны казус. Калі адзін з ліцвінаў у блогу gorliwego_litwina крытычна выказаўся адносна закліку Белага «гуртавацца вакол Лідэра» (г.зн. Лукашэнкі), то неўзабаве быў Белым забанены (пазней, праўда, Белы «злітаваўся» і адбаніў яго). Тым часам адзін з хаўруснікаў Белага растлумачыў непаслухмянаму ліцвіну «палітыку партыі» наступным чынам: «Я думаю, што і Алесь разумее, што ўсе літвіны не могуць мець аднолькавага меркавання на конт дзеючай улады. Мы ўсё ж прызнаем права літвінаў на глупства. Хто не памыляецца? Не ў крыўду". Вось так: ты маеш права на ўласнае меркаванне, але пры гэтым – не ў крыўду! – прызнай, што гэтае меркаванне з'яўляецца глупствам. Тут яскрава бачым, што групоўка Белага функцыянуе ўнутры ліцвінскага руху як своеасаблівая секта з высокім узроўнем індактрынацыі і неталерантнасці.
Перад тым, як Алесь Белы выступіў з тэзай пра "нацысцкую сутнасць" беларускага адраджэння, ён доўгі час насіўся з малазразумелай тэорыяй "шчырабеларусцаў" як ахвяраў "Караля Стаха" і бамбардаваў людзей эмэйламі на тэму розных метамарфозаў "Стахічкі". Але калі пасля некалькіх гадоў нястомнай працы пераканаўся, што нічога, акрамя ўсмешак і паціскання плячыма, яго тэорыя не спарадзіла, схапіўся за ідэалагему, прапагандысцкі эфект якой ужо быў неаднаразова правераны (спачатку савецкім КГБ, потым Замяталіным, потым Шаўцовым): адраджэнцы – нацысты. Неарыгінальна, затое эфектыўна. Нарэшце ўдалося прыцягнуць да сябе увагу – віншуем!
А ці ёсць сэнс рэагаваць на чарговую метамарфозу антыбеларускай прапаганды? Дый хто такія гарліваліцвінцы паводле сілы ўздзеяння? Колькі іх ёсць?
Гарліваліцвінцаў можна палічыць на пальцах аднае рукі. Аднак, што тычыцца сілы ўздзеяння, няма ніякіх гарантый, што яна ёсць і будзе мізэрнай. Палітолаг Роджэр Грыфін некалькі гадоў таму запрапанаваў тэрмін "групускулы" (groupuscule) на абазначэнне міні-груповак з мінімальным альбо і ніякім публічным прафайлам, але чыя ідэалогія валодае рэальным мабілізацыйным патэнцыялам.
У крайніх сітуацыях групускула можа мець рашаючае значэнне ў ператварэнні адчужанага і расчараванага самотніка ў фанатычнага "адзінокага ваўка", гатовага здзяйсняць акты безагляднага гвалту ў дачыненні да сімвалаў грамадскага дэкадэнсу
– паясняе значэнне групускулаў Андрэ Умлянд.
Тое, што гарліваліцвінства на дадзены момант не мае рэальнага публічнага прафайлу, не азначае, што яно цалкам пазбаўлена мабілізацыйнага патэнцылу. Паколькі прыхільнікі захавання польскага характару каталіцызму ў Беларусі маюць адчуванне сталай пагрозы з боку беларускай стыхіі, ідэалогія Белага можа скіраваць іхнія фрустрацыі ў рэчышча арганізаванай кампаніі па "стрымліванні беларускасці". Тое, што беларускасць у гэтай ідэалогіі явіцца як нешта паганска-нацысцкае, станецца магутным матывацыйным фактарам і легітымізуе нават найбольш агрэсіўныя формы змагання з беларускасцю. У выніку адбудзецца паглыбленне напружання паміж "польскай" і "беларускай" опцыяй унутры каталіцызму.
Я ўжо неаднойчы пісаў, што найбольш праўдападобным матывам высылкі з Беларусі польскіх ксяндзоў з'яўляецца жаданне справакаваць раскол унутры каталіцкага Касцёла. За кожным разам, калі адбываецца выгнанне чарговай порцыі польскіх ксяндзоў, улады стараюцца зайграць на патрыятычнай ноце: маўляў, палякі шкодзяць беларускасці. І тут Алесь Белы можа аказаць беларускім уладам велізарную паслугу, пераконваючы прапольскую частку каталікоў, што на самой справе вінаваты не ўлады, а "свядомыя адраджэнцы". (Менавіта так: Гарлівы Літвін не дазволіў сабе ані слоўца крытыкі сказаць пад адрасам свайго Куміра, хоць выдаленне польскіх святароў – гэта частка ягонай палітыкі. Затое чарговы раз прагучала здзеклівае: "Нацы трыумфуюць"; маўляў, нават у высылцы ксяндзоў вінаваты адраджэнцы!) Такім чынам, тое, чаго КГБ не здолеў зрабіць паасобку, можа зрабіць пры дапамозе Белага: КГБ будзе высылаць польскіх святароў і казаць беларусам, што гэта ў інтарэсах беларускасці, а Белы тымчасам будзе пераконваць палякаў, што ўва ўсім вінаваты нацысты-беларутэны. Дасканалы дуэт.
4
Балесную памяць пра трагедыі ІІ Сусветнай Вайны Алесь Белы ператварае ў бяздушны інструмент прапагандавання сваёй idée fix. Робіць ён гэта дакладна як КГБ-эшныя ідэолагі, Замяталін або Шаўцоў: маніпулюючы фактамі, вырываючы выказванні або падзеі з кантэксту і аперуючы абагульняльнымі сафізмамі.
Выкарыстоўваючы метадалогію Замяталіна-Шаўцова-Белага, можна абвінаваціць у нацызме каго заўгодна, уключаючы Каталіцкі Касцёл. Быў урад Вішы ў Францыі, былі злачынствы з боку бандэраўцаў на Ўкраіне, было даволі шырокае прадстаўніцтва балтаў у нацысцкіх структурах, было Ядвабнэ ў Польшчы... Ну і дастаткова раздзьмуць гэтыя факты належным чынам, вырваць іх з кантэксту, прыдумаць якуюсь "генеалогію", гэта значыць, назваць сённяшніх "спадкаемцаў" тых злачынстваў – вось і гатова! Французы – фашысты; палякі – фашысты; літоўцы, латышы, эстонцы – фашысты! Пратэстанты? Ясна! Галасавалі ж на Гітлера! Каталікі? Што ж, будзьма паслядоўнымі: яны (г.зн. мы) таксама фашысты: Ватыкан заключыў канкардат з гітлераўскай Нямеччынай, а той ці гэты біскуп прамовіў панегірык у гонар фюрэра! А папа Бенедыкт належаў да гітлерюгенду!
І паспрабуй запярэчыць, што гэта "не зусім так", што "трэба адрозніваць", што "неабходна ўлічваць кантэкст". Гарлівы Літвін тады закіне табе постмадэрнізм, а пазней з постмадэрнізму выведзе нацызм... Ну, не будзем такімі злоснымі: Гарлівы не будзе закідаць постмадэрнізм, калі будзеце нюансаваць праблему калабарацыі ў выпадку іншых народаў альбо Каталіцкага Касцёлу. Аднак у выпадку беларусаў-адраджэнцаў... Фашысты-лібералы-постмадэрністы! – во хто мы, і канец дыскусіі.
* * *
Алесь Белы – гэта чалавек сапраўды ідэйны, аднак гэта той тып ідэйнага чалавека, які па-за сваёй ідэяй анічога больш не бачыць. Не бачыць іншага чалавека, чыю годнасць нельга мераць ступенню адданасці гарліваліцвінскай ідэі. Не бачыць разнастайнасці і складанасці беларускага адраджэння, таго, што немагчыма адным прыметнікам ахапіць гэты феномен. З-за сваёй ідэі Белы не бачыць таксама таго, як вельмі ён аддаліўся ад каталіцызму, а наблізіўся да бальшавіцкага светаўспрымання, дзе пачэснае месца займае вобраз знешняга ворага, і дзе прапаведуецца непрымірымая барацьба паміж адной групай і другой.
Насуперак таму, што прапануе Ян Павел ІІ ў "Centesimus annus", Белы татальна асуджае лібералізм, насуперак заклікам Другога Ватыканскага Сабору адмаўляе прынцып дыялогу з іншымі рэлігіямі і сучасным светам, а насуперак духу Евангелля ён прапагуе варажнечу паміж людзьмі і дзеліць іх паводле ідэалагічных крытэраў...
Ці гэта яшчэ хрысціянства? Ці ўжо язычніцтва? Пакідаю гэтыя пытанні адкрытымі.
______________________________________
Пётра Рудкоўскі — філёзаф, ляўрэат прэміі "ARCHE" "За сумленнае слова". Апошняя публікацыя — "Białoruska idea narodowa w XXI wieku" (Instytut Europy Środkowo-Wschodniej. Lublin, 2008), палеміка вакол якога разгарнулася ў мінулым нумары нашага часопіса. Аўтарская назва тэксту — "Gente Litvinus, natione… Sovietus. (Ідэалагічны партрэт "гарлівых літвінаў")".